БЕ́ЗДНАЎСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1861,

выступленне сялян Казанскай губ. Расіі ў адказ на сялянскую рэформу 1861.

Пачалося ў в. Бездна Спаскага пав. пад кіраўніцтвам селяніна А.Пятрова (А.П.Сідарава), які абвясціў сялянам, што ўся зямля належыць ім і што яны не павінны больш працаваць на паноў. Хваляванні ахапілі больш як 75 вёсак. Каля 10 тыс. чалавек адмовіліся адбываць паншчыну, выконваць распараджэнні адміністрацыі, забіралі панскае збожжа. 12 крас. ў Бездну прыбыў карны атрад і пачаў страляць у натоўп сялян. Было забіта і паранена больш за 350 чал., многія арыштаваны, пакараны розгамі. Пятрова расстралялі. Расправа над удзельнікамі Безднаўскага выступлення выклікала пратэст дэмакр. колаў у Расіі і за мяжою.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)